Святар распачынае эўхарыстычную малітву. Разводзячы рукі, ён гаворыць:
С. Пан з вамі.
Н. І з духам тваім.
С. Угору сэрцы.
Н. Узносім іх да Пана.
С. Падзякуем Пану Богу нашаму.
Н. Годна гэта і справядліва.
C. Сапраўды, годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, каб мы Табе, святы Ойча, заўсёды і ўсюды складалі падзяку праз умілаванага Сына Твайго Езуса Хрыста. Ён — Слова Тваё, праз якое Ты ўсё стварыў. Яго, уцелаўлёнага ад Духа Святога і народжанага з Панны Марыі, Ты паслаў нам як Збаўцу і Адкупіцеля. Ён, спаўняючы Тваю волю, набыў для Цябе народ святы, распасцёр на крыжы свае рукі, каб смерць перамагчы і аб’явіць змёртвыхпаўстанне. Таму з анёламі і з усімі святымі мы праслаўляем Цябе, разам з імі ўсклікаючы:
Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны. * Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй. * Гасанна на вышынях. * Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана. * Гасанна на вышынях.
Святар, развёўшы рукі, гаворыць:
С. Сапраўды, Божа, Ты святы, крыніца ўсялякай святасці.
Зводзіць рукі і, трымаючы іх над дарамі, гаворыць:
Таму просім Цябе, асвяці гэтыя дары расою Духа Твайго,
зводзіць рукі, робіць знак крыжа над хлебам і келіхам, гаворачы:
каб яны сталіся для нас Целам † і Крывёю нашага Пана Езуса Хрыста.
У наступных формулах словы Хрыста трэба вымаўляць выразна і старанна, як таго патрабуе іх сутнасць.
С. Ён, калі дабравольна выдаў сябе на мукі, узяў хлеб і, падзяку Табе складаючы, ламаў і раздаваў сваім вучням, кажучы:
БЯРЫЦЕ І ЕШЦЕ З ГЭТАГА ЎСЕ, * БО ГЭТА ЁСЦЬ ЦЕЛА МАЁ, * ЯКОЕ ЗА ВАС БУДЗЕ ВЫДАНА.
Паказвае кансэкраваную Гостыю народу, кладзе яе на патэну і, укленчыўшы, адаруе.
Потым працягвае:
С. Падобным чынам па вячэры узяў келіх, зноў Табе падзяку складаючы, падаў сваім вучням, кажучы:
БЯРЫЦЕ І ПІЦЕ З ЯГО ЎСЕ: * БО ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ * НОВАГА І ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ, * ЯКАЯ ЗА ВАС І ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА * ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭННЯ ГРАХОЎ. * ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ.
Паказвае келіх народу, ставіць яго на карпарал і, укленчыўшы, адаруе.
Потым гаворыць:
С. Гэта вялікая таямніца веры.
Н. Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале.
Потым, развёўшы рукі, святар гаворыць:
С. Успамінаючы смерць і змёртвыхпаўстанне Твайго Сына, ахвяруем Табе, Пане, хлеб жыцця і келіх збаўлення, дзякуючы, што ўчыніў нас годнымі стаяць перад Табою і служыць Табе. Пакорна молім Цябе, каб усіх нас, прымаючых Цела і Кроў Хрыста, Дух Святы сабраў у адно.
Памятай, Пане, пра Касцёл Твой, рассеяны па ўсім свеце, удасканаль яго ў любові разам з Папам нашым N., біскупам нашым N. і ўсім духавенствам.
Памятай таксама пра братоў і сясцёр нашых, якія паснулі ў надзеі на ўваскрашэнне, і пра ўсіх, хто ў Тваёй ласцы адышоў з гэтага свету, і дазволь ім убачыць святло аблічча Твайго. Просім Цябе, змілуйся над усімі намі, каб мы заслужылі ўдзел у жыцці вечным у еднасці з Найсвяцейшай Багародзіцай Паннай Марыяй, са святым Юзафам, Яе абраннікам, са святымі Апосталамі і ўсімі святымі, якія спрадвеку падабаліся Табе, каб з імі і мы хвалілі і праслаўлялі Цябе праз Сына Твайго, Езуса Хрыста.
Бярэ патэну з Гостыяй і келіх, крыху ўздымае іх і гаворыць:
С. Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, Табе, Божа, Ойча ўсемагутны, у еднасці Духа Святога ўся пашана і хвала праз усе вякі вечныя.
Н. Амэн.
Затым пачынаецца абрад Камуніі.